Настаўніцкая газета «Як наладжана дзейнасць папячыцельскага савета ў сярэдняй школе № 4 Віцебска»
24.11.2026Пра тое, як наладжана дзейнасць папячыцельскага савета школы, на што накіроўваюцца добраахвотныя ўзносы і чаму адкрытасць застаецца галоўным прынцыпам у фінансавых пытаннях, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар сярэдняй школы № 4 Віцебска Святлана Акускова.

— Папячыцельскі савет у школе № 4 быў створаны па рашэнні ініцыятыўнай групы яшчэ ў 2011 годзе. Сёння гэта орган самакіравання, у склад якога ўваходзяць законныя прадстаўнікі навучэнцаў, педагогі і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Такое шырокае прадстаўніцтва дае магчымасць улічваць меркаванні ўсіх бацькоў і аператыўна вырашаць надзённыя пытанні.
Папячыцельскі савет створаны для садзейнічання развіццю школы, умацавання яе матэрыяльна-тэхнічнай базы і ўдасканалення адукацыйнага працэсу. Пасяджэнні савета праводзяцца па меры неабходнасці, але не радзей за адзін раз у паўгоддзе. На гэтых сустрэчах мы зацвярджаем план расходаў, падводзім вынікі і ўзгадняем фінансавую справаздачнасць. Калі ўзнікаюць тэрміновыя задачы, напрыклад, трэба аператыўна падрыхтавацца да рамонту або вялікага школьнага мерапрыемства, праводзяцца пазачарговыя сходы.
Спектр задач, якія дапамагае вырашаць савет, ахоплівае практычна ўсе сферы школьнага жыцця: рамонт і добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі, паляпшэнне арганізацыі харчавання, правядзенне культурна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. А яшчэ гэта падрыхтоўка вучэбных кабінетаў і памяшканняў да новага навучальнага года, рамонт абедзеннай залы, азеляненне прышкольнай тэрыторыі, набыццё новай мэблі, камп’ютарнай тэхнікі, абсталявання для харчаблока.
Пры садзейнічанні савета ў школе праходзяць дні здароўя, спартакіяды і канцэрты, а таксама атрымліваюць падтрымку вядомыя творчыя калектывы ўстановы — узорная студыя эстраднай песні “Беларускія зоркі” і ўзорны тэатральны калектыў “ТеСт”.
Узносы залічваюцца толькі безнаяўным шляхам на бягучы (разліковы) рахунак па ўліку пазабюджэтных сродкаў установы. Рашэнні аб размеркаванні сродкаў прымаюцца агульным сходам калегіяльна па ўзгадненні з кіраўніком школы і строга зыходзячы з плана работы савета.
Дзейнасць ажыццяўляецца на прынцыпах галоснасці і празрыстасці. На інфармацыйных стэндах і афіцыйным сайце школы ёсць спецыяльная рубрыка, дзе штоквартальна публікуюцца справаздачы аб паступленні і расходаванні сродкаў. Бацькі бачаць рэальныя вынікі і ведаюць, куды накіраваны кожны рубель.
Менавіта адкрытая справаздачнасць фарміруе давер: бацькі з разуменнем і падтрымкай ставяцца да ініцыятыў савета, бо сумеснымі намаганнямі школа з кожным годам становіцца больш утульнай, сучаснай і бяспечнай для дзяцей.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА